Прамова прэзідэнта Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яўгена Бурага на Belarus Business Harbour in Baltics

26 красавіка 2023

Паважаныя госці, шаноўныя ўдзельнікі,
ад імя Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой вітаю вас усіх на другім Беларускім бізнес-форуме ў Вільні!

Асобна хочам падзякаваць нашым партнёрам, хто падтрымаў правядзенне форуму – Літоўскую бізнес-канфедэрацыю, Еўрапейскую Камісію і ЮСЭЙД. Мы вельмі шануем вашыя высілкі па падтрымцы беларускай бізнес-супольнасці.

Я рады вітаць тут лідара дэмакратычнай Беларусі Святлану Ціханоўскую, а таксама прадстаўнікоў беларускага бізнесу. Гэты форум з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для нас, каб вызначыць нашы агульныя інтарэсы, прыярытэты і шукаць новыя магчымасці для іх рэалізацыі.

Таксама мы радыя бачыць прадстаўнікоў літоўскага ўраду, віцэ-міністра эканомікі і інавацый Кароліса Жемайціса, дырэктарку Дэпартаменту міграцыі МУС Літвы Эвеліну Гудзінскайте і іншых афіцыйных асобаў з дзяржаўных арганізацый. Дапамога і падтрымка з боку Літвы ўносіць вельмі важны ўнёсак у падмурак добрых адносін нашых народаў сёння. І мы ўпэўненыя, што так будзе і далей.

Беларускі бізнес заўжды быў вельмі чуйным да зменаў палітычнага клімату. Бо са сваёй практыкі ведае, што любыя змены адбіваюцца перш за ўсё на прадпрымальніках. І мы ўдзячныя літоўскаму ўраду і парламенту за тое, што ў апошнім законапраекце былі ўлічаныя меркаванні беларусаў. А найбольш балючыя абмежаванні для беларусаў былі выкраслены з пачатковай версіі законапраекту і не былі прынятыя папраўкі прапанаваныя прэзідэнтам, якія ставілі знак роўнасці паміж беларусамі і рускімі. Гэты законапраект закранае правы значнай колькасці людзей і бізнесаў, якія ніколі не падтрымлівалі агрэсію і злачынныя дзеянні беларускага рэжыму. А наадварот – супраціўляліся ў Беларусі, і цяпер працягваюць падтрымліваць тых, хто змагаецца дагэтуль.

Разам з тым, мы з павагай ставімся да нашых літоўскіх партнёраў, і разумеем, чым было выклікана з’яўленне такога законапраекту. І цэнім бяспеку Літвы як надзейнага прытулку, дзе дзясяткі тысяч беларусаў могуць адчуваць сябе спакойна. ABBA распрацавала механізм верыфікацыі і праверкі, каб у супольнасць не траплялі прадстаўнікі бізнесу, звязанага з рэжымам, ці створанага для абыходу санкцый.

Таксама важнай умовай для развіцця беларускай бізнес-супольнасці за мяжой з’яўляюцца давер і еднасць вакол нашых супольных інтарэсаў. Таму мы аднаўляем давер не толькі да беларускага бізнесу звонку, але і паміж беларускім бізнесам.

Салідарнасць і гарызантальныя сувязі, моцная супольнасць – гэта каштоўнасць, якой можна ганарыцца як у Беларусі, так і за яе межамі.

Таму наша дзейнасць – як асацыяцыі, так і асобных бізнесаў, мусіць быць паслядоўнай і заўважнай. Каб беларуская супольнасць магла заўжды засведчыць, што выступае супраць злачынных дзеянняў двух дыктатараў. І з’яўляецца часткай цывілізаванага свету.

Беларусы маюць вялікі прадпрымальніцкі патэнцыял, як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Сёння тут сабраліся тыя, хто рэалізоўвае яго перад усім у Літве. Нам усім ёсць што абмеркаваць, бо назбіралася шмат пытанняў, якія патрабуюць адказаў. На пэўныя выклікі ў нас ёсць прапановы. На некаторыя хацелі б пачуць вашае меркаванне і знайсці рашэнні разам з вамі. Таму хачу зычыць нам усім сёння плённай працы і карысных абмеркаванняў.
І напрыканцы нагадаю пра місію АВВА. Мы працуем, каб нягледзячы ні на што, сумленныя людзі заўжды маглі казаць:

Ганарымся быць беларускім бізнесам.