III БЕЛАРУСКІ БІЗНЕС-ФОРУМ У ВАРШАВЕ

КАРОТКІ ЗМЕСТ ПАДЗЕІ:

20 верасня 2023 году, у канфэрэнц-залы гатэля Marriott у Варшаве прайшоў III Беларускі бізнес-форум, арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і USAID. Форум наведалі больш за 200 чалавек, сярод якіх былі вядомыя беларускія бізнесоўцы, эксперты з краінаў Еўропы і ЗША, прадстаўнікі ўрадавых структураў і замежнага бізнесу.

Адным з ключавых вынікаў III Беларускага бізнес-форуму ў Варшаве стала падпісанне дарожнай мапы аб інстытуцыйнай супрацы паміж АВВА і Дэпартаментам Гандлю ЗША. Дарожная мапа прадугледжвае некалькі напрамкаў сумеснай дзейнасці. Адзін з іх — падтрымка развіцця АВВА як эфектыўнай, празрыстай, устойлівай бізнес-асацыяцыі. Другі — дапамога АВВА ў стратэгічнай супрацы з такімі арганізацыямі як American Chamber of Commerce, U.S. Chamber of Commerce, дапамога з кансультацыямі па пошуку фінансавання, а таксама развіццё праектаў эканамічных рэформаў, што з’яўляецца працай на будучыню Новай Беларусі.

Да АВВА ў якасці дарадцы па стратэгічным камунікацыям далучыўся вядомы ўкраінскі палітолаг, кандыдат паліталагічных навук Яўген Магда (Євген Магда). Прэзідэнт АВВА Яўген Буры і Яўген Магда на форуме ўрачыста падпісалі мемарандум аб супрацы. Таксама ў якасці дарадцы да АВВА далучыўся Цвай Со, (Tszwai So, заснавальнік Spheron Architects). Ён стаў дарадцам па архітэктуры і мастацтву. З натхняльнымі прамовамі “Гісторыі поспеху родам з Беларусі” выступілі: заснавальнік і суўласнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша, кіраўнік напрамку Wialon у Gurtam Аляксандр Куўшынаў, праграміст і блогер Аляксей Картыннік (вядомы як АйТиБорода), сузаснавальнік і кіруючы партнёр кампаніі CleanWhale Аляксандр Лукашоў.

Форум сабраў беларускую бізнес-дыяспару і прадэманстраваў замежным партнёрам патэнцыял беларускага бізнесу. Адбыўся канструктыўны і плённы дыялог з прадстаўнікамі ўрадаў Польшчы, ЗША і Еўразвязу. Прысутныя на падзеі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Польшчы, Нацыянальнай гандлёвай палаты, Фондавай біржы, Дэпартаменту Гандлю ЗША, банкаў і іншых фінансавых структураў адзначылі высокі ўзровень працы АВВА і засведчылі сваю прыязнасць да беларускай бізнес-супольнасці.

ФОТА